6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для кітайскіх турыстаў распрацуюць новыя маршруты па Беларусі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной на сустрэчы з прадстаўнікамі Пекінскага турыстычнага агенцтва і Кітайскага маладзёжнага турыстычнага агенцтва з горада Чунцын, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінспорту.
Кітайская дэлегацыя на чале з дырэктарам Пекінскага турагенцтва Нанем Чжаа спецыяльна прыбыла ў Беларусь для ўдзелу ў міжнародным веснавым кірмашы турыстычных паслуг "Адпачынак-2018", а таксама перагавораў з беларускімі партнёрамі.
Гэты год аб'яўлены Годам турызму Беларусі ў Кітаі, што павінна пашырыць магчымасці для падарожнікаў, стварыць для іх найбольш спрыяльныя ўмовы. На думку Міхаіла Партнога, турыстычны патэнцыял Беларусі яшчэ не ў поўнай меры раскрыты для кітайскіх грамадзян. "У бягучым годзе ў Беларусі будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў па прыцягненні турыстаў з Кітая: азнаямленчыя туры, распрацоўка і асваенне новых маршрутаў, складзеных для мэтавай аўдыторыі, і шмат іншага", - расказаў намеснік міністра.
Адзначыўшы важнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, Міхаіл Партной звярнуў увагу, што адпаведныя пагадненні з кітайскімі правінцыямі заключылі практычна ўсе рэгіёны Беларусі. "Беларускія турысты з задавальненнем наведваюць Кітай, які славіцца багатай гісторыяй, культурай, вялікай колькасцю турыстычных аб'ектаў, у тым ліку ўнесеных у спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА", - дадаў ён.
Прадстаўнікі кітайскага боку таксама лічаць, што магчымасці для пашырэння ўзаемавыгадных кантактаў пакуль не выкарыстоўваюцца ў поўнай меры. Хоць зацікаўленасць у павелічэнні турыстычных патокаў узаемная. Ёсць таксама пэўныя праблемы, звязаныя з недастатковай колькасцю дакладнай інфармацыі аб Кітаі і Беларусі, складанасцю некаторых працэдур пры афармленні віз і адсутнасцю прамых авіярэйсаў паміж гарадамі Мінск і Чунцын.
Міхаіл Партной упэўнены, што мерапрыемствы бягучага года - гэта толькі пачатак вялікай і сур'ёзнай работы прафесіяналаў турыстычнага бізнесу Беларусі і Кітая. Яе вынікам павінна стаць умацаванне дружбы і даверу паміж краінамі, павелічэнне турыстычных патокаў.