11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" Даніэль Ястрэмскі зняўся ў фотасесіі для песеннага форуму. Такой інфармацыяй з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся сам удзельнік конкурсу.
Здымкі праходзілі ў студыі і пад адкрытым небам - у месцах, дзе любіць збірацца і адпачываць сучасная моладзь. З юным артыстам працавала вялікая каманда: фатограф, стыліст, грымёр, дызайнер. Пад іх кіраўніцтвам Даніэль змяніў некалькі вобразаў. "Першы - маладзёжны, такая тынэйджарская гісторыя. Другі - гэта арт-гісторыя. Мы хочам паказаць, што сучасная моладзь шматгранная, цікавіцца літаратурай, гісторыяй, культурай. Песняй, нумарам, прома-кампаніяй да "Еўрабачання" мы хочам паказаць маладзёжную, модную Беларусь. І сімвалічна, што падрыхтоўка да конкурсу ў нашай каманды ідзе пад слоганам "TIME. I’M from Belarus". Да конкурсу дызайнер распрацавала нам фірменны лагатып у выглядзе пячаткі і эмблемы", - сказаў Даніэль Ястрэмскі.
Фота беларускага ўдзельніка дзіцячага "Еўрабачання" ўпрыгожаць прома-прадукцыю, якая будзе прэзентавана ў час Еўратыдня. У прома-пакеце будуць паштоўкі, постары, флэшкі.
Да прэстыжнага еўрапейскага песеннага форуму ў Мінску застаецца паўтара месяца. Даніэль актыўна рыхтуецца. Яго графік распісаны па мінутах: рэпетыцыі, кансультацыі ў фаніятра, вывучэнне англійскай мовы, удзел у розных канцэртах. На рэпетыцыях разам з камандай прафесіяналаў ён адточвае вакальнае майстэрства і дапрацоўвае харэаграфічы складнік нумара. Усё гэта Даніэль паспяхова сумяшчае з вучобай у школе. Таксама вядзецца работа над стварэннем гардэроба выканаўцы для з'яўлення на сцэне і чырвонай дывановай дарожцы.
"На сённяшні дзень білеты ў глядзельную залу на галоўнае шоу прададзены, але яшчэ застаюцца білеты на танцпляцоўку і генеральную рэпетыцыю, якая пройдзе 24 лістапада. Экспертная група, якая кантралюе падрыхтоўку шоу, наведала Мінск і "Прэзідэнт-Атэль", менавіта тут размесціцца большая частка гасцей, а таксама еўраклуб у час конкурсу. Для прафесіяналаў з Вялікабрытаніі, Германіі, Мальты, Нідэрландаў, Італіі, Грузііі, Расіі і выканаўчага дырэктара "Еўрабачання" Ён Ола Санда прайшла прэзентацыя ўсіх этапаў падрыхтоўкі да конкурсу - ад цырымоніі адкрыцця да сацыяльнай праграмы для ўдзельнікаў", - адзначылі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Міжнароднае песеннае шоу адбудзецца 25 лістапада ў "Мінск-Арэне". Форум у гэтым годзе збярэ рэкордную колькасць удзельнікаў - 20 краін. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.