17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа збірае гігіенічныя і іншыя наборы і перадае затрыманым, якія знаходзяцца ў ізалятарах. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў БТЧК.
"Прыём адкрыты ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. На мінулым тыдні найбольшая патрэбнасць была ў гігіенічных наборах і цёплым адзенні (кофты, курткі, світары). Калі нехта ўжо купіў прадукты, мы іх прымем і сфарміруем прадуктовыя наборы", - сказалі ў Чырвоным Крыжы.
Яшчэ 14 жніўня былі перададзены наборы ў ізалятар часовага ўтрымання ў Мінску (зав. Акрэсціна, 36а). "У нас прынялі 1197 жаночых гігіенічных набораў і 342 мужчынскія, больш за 226 л пітной вады, 4 пледы, 14 цёплых кофт, 49 бінтоў, 393 упакоўкі кандытарскіх вырабаў, 33 упакоўкі чаю і 9 упаковак кавы", - дадалі ў БТЧК.
На наступны дзень яшчэ адну партыю - 1762 гігіенічныя наборы - перадалі ў следчы ізалятар нумар 1 (вул. Валадарскага, 2). У набор уваходзяць прадметы першай неабходнасці: зубная паста, зубная шчотка, пачак вільготных сурвэтак, кавалак мыла, рулон туалетнай паперы, а таксама ўпакоўка гігіенічных пракладак для жанчын і дзве аднаразовыя брытвы для мужчын.
Дзякуючы дапамозе неабыякавых перададзены таксама каля 470 л пітной вады, прадметы мужчынскага і жаночага адзення, пледы, больш за 300 бутэлек шампуню.
Усе гігіенічныя наборы і рэчы будуць пераразмеркаваны па ізалятарах.
"У нас застаўся рэзерв сабраных сродкаў. Мы прадаўжаем сачыць за развіццём падзей, пры з'яўленні новых запытаў будзем гатовы аператыўна перадаць наборы затрыманым. Калі ж запытаў для гэтай катэгорыі насельніцтва не будзе, перададзім сродкі катэгорыям насельніцтва, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу і якім дапамагае Беларускі Чырвоны Крыж", - адзначылі ў БТЧК.
Атрады хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі прадаўжаюць дзяжурыць на вуліцах горада, каб аказаць першую дапамогу насельніцтву пры неабходнасці.