22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. V Чэмпіянат Беларусі па фотабёрдынгу пройдзе 2 кастрычніка ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
"У Мінску 2 кастрычніка пройдзе V Чэмпіянат Беларусі па фотабёрдынгу. Удзел у спаборніцтвах бясплатны. Калі вы любіце фатаграфаваць і вам падабаюцца птушкі - не прапусціце гэту падзею", - адзначылі ў АПБ.
У грамадскай арганізацыі растлумачылі, што задача фотабёрдэра - сфатаграфаваць птушак у прыродных умовах. "Каб выйграць чэмпіянат, трэба за 5 гадзін сфатаграфаваць як мага больш розных відаў птушак. За кожны від удзельнік атрымлівае балы. Для таго каб атрымаць максімальную колькасць балаў, неабходна не толькі зрабіць здымак, але і правільна вызначыць від птушкі. Удзельнічаць можна як індывідуальна, так і ў камандзе з двух чалавек", - расказалі ў АПБ.
Заяўкі на ўдзел у чэмпіянаце прымаюцца да вечара 30 верасня па адрасе levy@ptushki.org.
"У сталіцы праходзілі ўжо два чэмпіянаты па фотабёрдынгу - у Лошыцкім парку і ў Чыжоўцы. На гэты раз месца будзе новае - Цнянскае вадасховішча. Тэрыторыя вельмі цікавая для пошуку птушак. Вакол Цнянскага вадасховішча ёсць хвойны лес, сельскагаспадарчыя палі, прыбярэжныя зараснікі водных раслін, участкі з хмызняком, пусткі і, вядома, гарадская забудова. Застаецца толькі выбраць маршрут", - паведамілі ў АПБ.
Мерапрыемства праходзіць у рамках праграмы "Умацаванне патэнцыялу сумесных ініцыятыў", пры падтрымцы фонду "Еўразія" за кошт сродкаў USAID.
Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" - буйнейшая недзяржаўная прыродаахоўная арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр буйнейшай міжнароднай сеткі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International. АПБ - гэта больш за 3500 членаў і прыхільнікаў, амаль 120 школьных клубаў і 14 аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе для захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да прыродаахоўнай дзейнасці.