26 студзеня, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. Прэстыжныя спартыўныя спаборніцтвы еўрапейскага ўзроўню могуць прайсці ў Брэсце ў 2018 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Глушэня.
"Уся неабходная інфраструктура ў Брэсце ёсць. Мы праводзім нямала міжнародных спаборніцтваў, але спрабуем прыняць турніры і больш высокага ўзроўню. У прыватнасці, на 2018 год пададзены заяўкі на правядзенне чэмпіянатаў Еўропы па водным пола, а таксама па акадэмічным веславанні, - расказаў Мікалай Глушэня.
Так, у Еўрапейскую лігу плавання накіравана заяўка на правядзенне ў Брэсце фіналу чэмпіянату Еўропы па водным пола сярод юнакоў 1999 года нараджэння. Экспертная камісія разгледзіць прапанову беларускага боку, у тым ліку палац водных відаў спорту павінен прайсці атэстацыю па міжнародных патрабаваннях. На падрыхтоўчыя мерапрыемствы з абласнога бюджэту будзе накіравана каля Br550 тыс. Плануецца набыць спартыўнае абсталяванне для спаборніцтваў па водным пола і сінхронным плаванні, пакрыццё для басейнаў, а таксама мадэрнізаваць сістэму вентыляцыі.
Таксама Брэст плануе пазмагацца за права правядзення ў 2018 годзе маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па акадэмічным веславанні. Брастаўчане ўжо маюць вопыт правядзення такіх спаборніцтваў. У 2010 годзе абласны цэнтр паспяхова прыняў чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў ва ўзросце да 23 гадоў.