11 красавіка, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. У Брэсце з 15 па 17 красавіка пройдзе першы этап Кубка Садружнасці-2016 па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы трэнер брэсцкага хакейнага клуба "Будаўнік" Віктар Стасюк.
У гэтым годзе міжнародны турнір пройдзе ў два туры. Першы этап прыме Брэст, гульні другога этапу адбудуцца ў Мінску ў жніўні. Кубак Садружнасці-2016 разыграюць каманды з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана. Так, за перамогу будуць змагацца брэсцкі "Будаўнік", ХК "Мінск", "Дынама-Электрасталь", ПХК "Бесарыс" і вінніцкая "АКС-ШВСМ".
Удзельнікі спаборніцтваў згуляюць паміж сабой па схеме "кожны з кожным". Паядынкі пройдуць на дамашняй аднайменнай арэне брэсцкай дружыны - стадыёне "Будаўнік".
У гэтым сезоне беларускія клубы выступяць і ў прэстыжных еўрапейскіх турнірах. Так, чэмпіён 2015 года "Мінск" пазмагаецца за медалі ў розыгрышы Кубка чэмпіёнаў па хакеі на траве ў дывізіёне "Трофі". Права згуляць у турніры рангам ніжэй дабіўся ўладальнік Кубка Беларусі - брэсцкі "Будаўнік". Вядома, што Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў (Чэлендж 1) пройдзе 13-16 мая ў сталіцы Аўстрыі Вене.
У астатні час каманды сканцэнтруюцца на выступленні ў чэмпіянаце Беларусі, які ў гэтым сезоне вырашана правесці па скарочанай схеме. Ужо ў сярэдзіне чэрвеня будзе вядомы чэмпіён краіны. Затым восенню айчынныя клубы разыграюць Кубак Беларусі па хакеі на траве.