10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 70 экспанатаў прадставіць выстаўка "Дух рэлігійнай традыцыі і друкаваная ікона" ў Мінску, якая пачне працаваць з 11 чэрвеня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары праекта ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Экспазіцыя прадэманструе дзве асобныя калекцыі старадаўніх каляровых друкаваных ікон як цэласную мастацкую з'яву, якая існавала на тэрыторыях з магутнымі этнічнымі, канфесійнымі і гістарычнымі сувязямі. Экспанаты прадстаўлены з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Музея земляробства імя ксяндза К.Клюка
(г.Цехановец, Польшча). Яны надрукаваны ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя ў еўрапейскіх друкарнях у складанай, вельмі працаёмкай тэхніцы хромалітаграфіі. Менавіта гэты спосаб друку дае магчымасць перадаваць усе колеры арыгіналу і выдаваць якасныя друкаваныя рэлігійныя абразы вялікім тыражом. Вынік атрымліваўся такі, што і сёння людзі захапляюцца прыгажосцю старадаўняй каляровай іконы.Сярод праваслаўных ікон, размешчаных у экспазіцыі, вылучаюцца высокамастацкія хромалітаграфіі адэскага выдаўца Яфіма Фясенкі, які атрымаў першы прыз на Сусветнай міланскай выстаўцы за прадстаўленыя творы, і хромалітаграфіі Івана Сыціна. Самая рэдкая і незвычайная з каталіцкіх ікон - "Божая Маці Чанстахоўская". Арыгінальнасць яе ў тым, што пры змене ракурсу нечакана перад чалавекам адкрываюцца тры выявы: Антонія Падуанскага, Анёла-ахоўніка, Божай Маці. Такія абразы "з сакрэтам" упершыню з'явіліся ў ХVIII стагоддзі, багатым на розныя тэатральныя эфекты і трансфармацыі.
Музейныя калекцыі старадаўніх каляровых друкаваных ікон дапоўніць выстаўка кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Наведвальнікі ўбачаць рэпрынтныя выданні беларускіх старадрукаваных кніг XVI - XVIII стагоддзяў з чорна-белымі і каляровымі выявамі і арыгіналы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя, выданні па гісторыі друку, энцыклапедыі тэхнічных прыстасаванняў для хромалітаграфіі, каталогі друкаваных абразоў буйнейшых прыватных выдавецтваў.
Выстаўка будзе працаваць да 27 жніўня.