21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кошт білетаў на чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні ў Мінску складзе ад Br5 да Br50, паведаміла сёння ў прэс-цэнтры старшыня Беларускага саюза канькабежцаў Юлія Комлева.
Паводле яе слоў, білетная праграма будзе выбудавана такім чынам, каб прадаць як мага большую колькасць білетаў на спаборніцтвы. "На гэты час прадаюцца толькі абанементы па Br200. У хуткім часе паступяць у продаж білеты на асобныя віды праграмы, кошт якіх складзе ад Br5 да Br50. У нас самая танная білетная праграма для такіх вялікіх турніраў па фігурным катанні", - падкрэсліла Юлія Комлева.
Як адзначылі арганізатары, акрамя беларускіх балельшчыкаў чакаецца вялікая колькасць фанатаў з замежных краін, у тым ліку Расіі і Японіі. "Нягледзячы на тое, што гэта чэмпіянат Еўропы, японскія балельшчыкі прыедуць вельмі вялікай групай. Білеты на спаборніцтвы будуць запатрабаваны. Фігурнае катанне ў Японіі папулярна, аматары гэтага віду спорту падарожнічаюць па ўсім свеце за сваімі кумірамі", - адзначыў двухразовы чэмпіён СССР у адзіночным катанні Аляксандр Вядзенін.
Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні пройдзе на лёдзе "Мінск-Арэны" з 21 па 27 студзеня. У першыя два дні гледачы змогуць наведаць афіцыйныя трэніроўкі, з 23 студзеня стартуе спаборніцкая праграма, а завершыцца турнір традыцыйным гала-канцэртам пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў.