7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падведзены вынікі XVI Нацыянальнага конкурсу "Залатая Літара". БЕЛТА стала пераможцам у чатырох намінацыях, паведамляе Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Пераможцай у намінацыі "Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі" стала аглядальнік рэдакцыі газеты "7 дней" РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" (праект "Беларусь - Кітай") Тамара Маркіна. Вядучы фотакарэспандэнт БЕЛТА Раміль Насібулін перамог у персанальнай намінацыі "Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў".
Рэдакцыя часопіса "Беларуская думка" РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" стала лідарам у намінацыі "Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі". Таксама "Лепшым Інтэрнэт-праектам" журы конкурсу прызнала праект БЕЛТА "Традыцыі суверэннай Беларусі".
У ліку лаўрэатаў матэрыялы БЕЛТА былі адзначаны ў наступных намінацыях: "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі" (рэдакцыя газеты "7 дней" - рубрыка "30 лет спустя"), "Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця" (аглядальнік рэдакцыі газеты "7 дней" - аўтарская калонка "Авертайм ад Віктара Лоўгача"), "Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі" (рэдакцыя часопіса "Беларуская думка"), "Лепшыя матэрыялы гісторыка-краязнаўчай тэматыкі" (рэдакцыя БЕЛТА), "Лепшыя матэрыялы маладзёжнай, дзіцяча-юнацкай тэматыкі" рэдакцыя газеты "7 дней" (праект "#мОлодежКа"). Лаўрэатам у персанальнай намінацыі "Лепшы рэпарцёр рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў" стаў начальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь БЕЛТА Уладзімір Мацвееў.
У намінацыі "Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў" быў адзначаны мультымедыйны праект БЕЛТА "Старонкі беларускага спорту".
Заснавальнікам нацыянальнага конкурсу "Залатая Літара" выступае Міністэрства інфармацыі Беларусі. У гэтым годзе на конкурс было прадстаўлена 400 заявак перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў і персаналій. З іх 269 - рэгіянальныя СМІ ад 81 рэдакцыі, рэспубліканскія СМІ - 108 заявак ад 31 рэдакцыі, карпаратыўныя - 23. Журы адзначыла не толькі актыўнасць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і сеткавых выданняў, але і высокі ўзровень прадстаўленых работ. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу і ўручэнне дыпломаў і памятных знакаў-сімвалаў адбудзецца ў час правядзення мерапрыемстваў Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі".