2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы змогуць прагаласаваць за прадстаўніцу сваёй краіны на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2019" Лізавету Міснікаву ў інтэрнэце, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.
"Згодна з правіламі галасавання, можна будзе выбраць ад трох да пяці артыстаў, якія спадабаліся, у тым ліку і прадстаўніка сваёй краіны. Падтрымаць маладых выканаўцаў у інтэрнэце, праглядзеўшы відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў на афіцыйным сайце форуму, і аддаць свой голас можна будзе ў адзін клік з камп'ютара, планшэта або мабільнага тэлефона", - расказала Святлана Смалонская-Краскоўская.
Галасаванне гледачоў пачнецца за некалькі дзён да фіналу і прадоўжыцца да пачатку самога канцэрта 24 лістапада. "Затым, пасля жывога выступлення ўсіх канкурсантаў, магчымасць прагаласаваць зноў стане даступнай. Вынікі глядацкага галасавання будуць суміраваны з вынікамі выбару нацыянальнага журы ад кожнай з краін-удзельніц - і такім чынам вызначыцца трыумфатар гэтага конкурсу", - адзначыла кіраўнік прэс-службы. Такі механізм галасавання ўведзены Еўрапейскім вяшчальным саюзам у 2017 годзе.
Дзіцячае "Еўрабачанне-2019" пройдзе 24 лістапада ў польскім горадзе Глівіцэ. Прадстаўніца Беларусі выканае на конкурсе кампазіцыю "Попельны".
Арганізацыю і падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне", а таксама трансляцыю песеннага форуму на тэрыторыі Беларусі ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.