11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы выдатна выступілі на чэмпіянаце свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках, што адбыліся ў Рыме, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сапраўдным сюрпрызам для спецыялістаў і гледачоў стала выступленне маладой беларускай пары ў лацінаамерыканскай праграме ў намінацыі "Комбі". Дар'я Кульш і Аляксандр Ляховіч, якіх падтрымлівае Прэзідэнцкі спартыўны клуб, упершыню заваявалі званне чэмпіёнаў свету. Акрамя таго, Дар'я Кульш стала ўладальніцай сярэбранага медаля ў намінацыі "Сінгл".
У актыве беларусаў яшчэ дзве ўзнагароды - Ганна Сірацюк і Ігар Куляшоў заваявалі бронзу ў лацінаамерыканскай праграме, у еўрапейскай праграме танцаў такога ж поспеху дабіліся Вераніка Касач і Аляксей Зухцікаў.
Спецыялісты таксама звярнулі ўвагу на беларускую пару Ірына Макейчык / Яўген Ярмошка. Гэтыя спартсмены ў бліжэйшы час маюць выдатныя шанцы заняць высокія месцы п'едэстала гонару ў еўрапейскай праграме на прэстыжных танцавальных конкурсах.
Старшым трэнерам зборнай Беларусі з'яўляецца Ларыса Клемянцёнак, а ўсе спартсмены - выхаванцы грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам". Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы і ўдзеле ў сусветным першынстве аказаў камандзе Беларускі дзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў.