5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія здраўніцы прапануюць адпачывальнікам фіш-СПА, спелеалячэнне і басейн з эфектам Мёртвага мора. Аб гэтым паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі на анлайн-канферэнцыі "Лета-2017: умацаваць здароўе і адпачыць" у прэс-цэнтры БЕЛТА.
Дырэктар цэнтра падкрэсліў, што санаторна-курортнае лячэнне - від медыцынскай дапамогі, заснаваны на прымяненні пераважна прыродных лячэбных фактараў. "У здраўніцах карыстаюцца найбольшым попытам медыцынскія працэдуры з прымяненнем мінеральнай вады (на тэрыторыі санаторыяў функцыянуюць больш за 90 свідравін) і лячэбнай гразі з 4 радовішчаў рэспублікі, а ў якасці альтэрнатывы выкарыстоўваюцца сакская гразь і гразь Мёртвага мора. Таму вялікая частка навацый у санаторна-курортных арганізацыях заснавана на прыродных лячэбных фактарах: спелеалячэнне, янтарны пакой, басейн з эфектам Мёртвага мора, а таксама карбаксітэрапія, - сказаў Генадзь Балбатоўскі. - У здраўніцах актыўна развіваюцца спа-паслугі, у тым ліку фіш-СПА (масаж рыбкамі Гара Руфа)".
Адказваючы на пытанне аб перспектывах укаранення шведскага стала, дырэктар цэнтра растлумачыў: "Адным з важнейшых складнікаў санаторна-курортнага лячэння з'яўляецца дыетычнае харчаванне. У той жа час здраўніцы перастаюць быць традыцыйным месцам санаторна-курортнага лячэння і адпачынку толькі хворых і пажылых людзей, а становяцца шматфункцыянальнымі аздараўленчымі цэнтрамі, разлічанымі на шырокае кола спажыўцоў. У некаторых санаторыях, дзе доля экспарту паслуг вялікая, у інтарэсах спажыўцоў арганізавана харчаванне накшталт шведскага стала".
У Беларусі функцыянуюць 324 атэставаныя санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі на 67,4 тыс. ложка-месц, з іх 113 санаторна-курортных арганізацый на 28,9 тыс. месц і 211 аздараўленчых арганізацый на 38,5 тыс. месц.