5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ірына Прасянцова і Кацярына Арол выйгралі залатыя ўзнагароды на чэмпіянаце Еўропы па сучасным пяцібор'і ў эстафеце, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор'я.
У першы дзень еўрафоруму, які праходзіць у Сафіі, беларускі змаглі набраць 1377 ачкоў. На старце турніру Ірына Прасянцова і Кацярына Арол паспяхова выступілі ў фехтаванні і верхавой яздзе, перад камбінаванай эстафетай (бег са стральбой) яны займалі першае месца, ім заставалася толькі не страціць перавагу на фінішы. У заключным відзе праграмы жаночай эстафеты беларускам удалося заняць трэцяе месца, набраныя ачкі далі магчымасць утрымаць лідзіруючую пазіцыю і ў агульным заліку. Сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату сталі Яніна Кольман і Роней Дорынг з Германіі - 1364 ачкі. Бронзавыя ўзнагароды выйгралі Тамара Аляксеева і Аляксандра Бораш з Венгрыі - 1348 ачкоў.
Для Ірыны Прасянцовай і Кацярыны Арол гэта ўжо другая ўзнагарода ў эстафеце на буйных турнірах у бягучым сезоне. У маі на чэмпіянаце свету ў Маскве яны занялі трэцяе месца.
"Выступленне правялі ўпэўнена, ні ў адным з відаў не дапусцілі значных памылак, што і дало магчымасць нам перад заключным відам, камбінаванай эстафетай, выйсці на лідзіруючую пазіцыю. У гэтым годзе ў нас з Кацярынай бегчы і страляць атрымліваецца нядрэнна, што ўжо даказалі ў Маскве на сусветным форуме, таму ўпэўнена выступілі ў камбінаваным відзе і тут у Сафіі", - адзначыла пасля фінішу Ірына Прасянцова.
Чэмпіянат Еўропы па сучасным пяцібор'і ў сталіцы Балгарыі прадоўжыцца сёння мужчынскай эстафетай, у якой Беларусь прадставіць Мікалай Гаяноўскі і Кірыл Касьянік.