31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія школьнікі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў БДУ заваявалі залаты і два сярэбраныя медалі на XIV Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі (IESO 2021), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БДУ.
Спаборніцтва праходзіла з 25 да 30 жніўня ў анлайн-фармаце ў індывідуальным і групавым турах. Юныя географы выконвалі заданні на вызначэнне мінералаў і горных парод, пабудову геалагічнага разрэзу, разглядалі пытанні сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці і наступстваў іх уплыву на людзей і гаспадарку і інш.
Па правілах групавога тура ўдзельнікаў размеркавалі на міжнародныя каманды для выканання праблемных кейсаў, якія датычацца ўплыву пандэміі на геаграфічную абалонку, пацяплення клімату і экалогіі Сусветнага акіяна.
Дзесяцікласнік гродзенскай гімназіі нумар 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Мікіта Віхараў заваяваў золата ў складзе зборнай школьнікаў з Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Ірана і Італіі. Акрамя таго, школьнік узнагароджаны серабром у індывідуальным туры. Сярэбранага медаля ў групавым туры ўдастоены выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя нумар 3 Леанід Палхоўскі, які прадстаўляў рашэнне з юнакамі і дзяўчатамі з Фінляндыі, Германіі, Ірана, Нарвегіі, ААЭ і Эстоніі.
Акрамя таго, ад Беларусі выступілі выпускнік гімназіі нумар 1 Баранавіч Ілья Туча, дзесяцікласнік сярэдняй школы нумар 24 Гомеля Данііл Васілюк, навучэнец 11 класа гімназіі нумар 1 Слуцка Раман Пенязь і гімназіі нумар 2 Віцебска Назар Фамічоў.
Кіраўнікі беларускай каманды - дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Дзмітрый Курловіч і дацэнт кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі гэтага факультэта Андрэй Безручонак.
Краінай-арганізатарам XIV Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі выступіла Расія. Усяго ўдзельнікамі алімпіяды сталі 185 школьнікаў з 35 краін.