26 красавіка, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Каманда рэканструктараў эпохі вікінгаў з усёй Беларусі ў маі адправіцца на драўлянай ладдзі ў водны паход па Нёмане да Балтыйскага мора, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адзін з удзельнікаў паходу, член віцебскага клуба гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання "Нагльфар" Арцём Ляшчына.
"На рэканструяваных ладдзях, або дракарах, ужо рабіліся паходы, але не на такія доўгія дыстанцыі. Ва ўсякім разе, у краінах СНД. Эпічнасці падзеі надае і тое, што будзе выхад па рацэ ў мора. Мы паспрабуем. Ужо сабрана каманда з 13 чалавек з розных клубаў Беларусі, у тым ліку тры чалавекі з Віцебска, але патрэбны яшчэ тры весляры", - растлумачыў Арцём Ляшчына.
Плануецца, што стартуюць падарожнікі 15 мая з Гродна, куды спачатку з Нясвіжа даставяць карабель вікінгаў "Яцвяг". Гэта ладдзя, пабудаваная ў адпаведнасці з арыгіналам знаходкі Х стагоддзя для суднаходнага праекта "Спадарожны вецер". Дракар мае даўжыню 14 метраў і ўмяшчальнасць да 20 чалавек.
На працягу трох тыдняў падарожнікі разлічваюць дасягнуць Балтыйскага мора, па дарозе робячы прыпынкі, магчыма, арганізуючы паказальныя праграмы для гледачоў. "Паход будзе ў гістарычным адзенні, а з узбраення - мячы, сякеры. На стаянках будзем разбіваць шатры на каркасе з вёслаў. Увогуле, усё сурова і гістарычна", - дадаў Арцём Ляшчына.