21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія плыўцы заваявалі 12 узнагарод на адкрытым чэмпіянаце Сербіі, што завяршыўся ў Бялградзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Найбольшага поспеху дабілася Аляксандра Герасіменя, якая перамагла ў фінальным заплыве на дыстанцыі 50 м вольным стылем (25,36 сек.), другой фінішавала беларуска Юлія Хітрая (26,01 сек.). Герасіменя першая дакранулася да борціка і на дыстанцыі 50 м на спіне (28,14 сек.).
Залатыя ўзнагароды таксама на рахунку Юліі Хітрай у вырашальным заплыве на 100 м вольным стылем (56,29 сек.), Настассі Куляшовай - 50 м батэрфляем (27,50 сек.). А Максім Крэпскі стаў лепшым на 50 м на спіне - 26,52 сек. Акрамя таго, на рахунку беларускіх плыўцоў у сталіцы Сербіі яшчэ 2 сярэбраныя і 4 бронзавыя ўзнагароды. У турніры, акрамя гаспадароў, прынялі ўдзел атлеты з Македоніі, Беларусі, Турцыі і Казахстана.
Праведзеныя спаборніцтвы сталі важным этапам праверкі сіл вядучых плыўцоў перад чэмпіянатам Беларусі, які адбудзецца 25-29 красавіка ў Брэсце. Найбольш важным стартам у летнім сезоне стане чэмпіянат свету па водных відах спорту. Сусветны форум з 14 па 30 ліпеня пройдзе ў Будапешце (Венгрыя).