12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія пяціборцы Павел Ціханаў і Ксенія Клімянкова занялі другое месца ў змешанай эстафеце на этапе Кубка свету ў Балгарыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі змешаны дуэт набраў у суме 1440 балаў, прапусціўшы наперад толькі казахстанскі дуэт Уладзіслаў Мішчанка / Алена Патапенка - 1442 ачкі. Трэцяе месца занялі прадстаўнікі Рэспублікі Карэя Сеа Чан Ван і Кім Ін Джу - 1415. Усяго ў названым відзе праграмы ўдзельнічалі 20 змешаных дуэтаў.
Такім чынам, беларускія пяціборцы выйгралі на этапе Кубка свету ў Сафіі дзве ўзнагароды. Акрамя змешанай эстафеты медальнымі для іх атрымаліся старты мужчын, па выніках якіх Павел Палазкоў выйграў бронзавую ўзнагароду.