16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі экіпаж пад кіраваннем Уладзіміра Васілеўскага, які раней выконваў функцыю "хуткай тэхнічкі", скончыў 12-ы этап ралі-рэйду "Дакар" на 25-м месцы, паведаміў БЕЛТА партнёр каманды "МАЗ-СПОРТаўта" – Альфа-Банк (Беларусь).
МАЗ Уладзіміра Васілеўскага, застаўшыся адзіным удзельнікам марафону ад Беларусі, змяніў тактыку: калі раней ён страхаваў іншыя аўтамабілі каманды, то цяпер і сам едзе на рэзультат. Тэхнічных праблем на трасе не ўзнікла - новы аўтамабіль, сабраны спецыяльна для "Дакара", паказаў сябе з найлепшага боку.
На праходжанне перадапошняга спецучастка ралі-рэйду працягласцю 267 км спатрэбілася крыху менш за 3 гадзіны 51 мінуту. Ад пераможцы заезду - галандца Пітэра Верслуіса - беларусы адсталі амаль на 37 мінут. У агульным заліку МАЗ займае 26-е месца, прайграючы лідару ралі - Жэрару дэ Рою - прыкладна 17 гадзін 42 мінут.
Апошні этап ралі "Дакар" прывядзе гоншчыкаў у Расарыа, адкуль і стартаваў прэстыжны марафон. Экіпажам трэба пераадолець 699 км, у тым ліку 180 км спецучастка.
Экіпаж Уладзіміра Васілеўскага выкарыстоўвае новы спартыўны грузавік з рухавіком Gyrteсh, сабраным чэшскай кампаніяй PowerTech Systems на аснове агрэгата Caterpiller. Магутнасць матора складае 930 к.с., а вярчальны момант - 4200 Н·м. Рухавік прыкметна лягчэйшы за тыя, што выкарыстоўваліся камандай раней. У выніку грузавік "пастрайнеў" на 300 кг. Акрамя таго, удалося павысіць скорасныя якасці і праходнасць аўтамабіля ва ўмовах бездарожжа.
Уладальнікам беларускай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" выступае Мінскі аўтазавод, партнёрам - Альфа-Банк (Беларусь). Ралі-рэйд "Дакар-2016" праходзіць па тэрыторыях дзвюх краін - Аргенціны і Балівіі. Завершыцца гонка 16 студзеня ў Расарыа.