4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя наведала спартыўныя аб'екты Юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Буэнас-Айрэсе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.
У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся пытанні праезду, пражывання, харчавання ўдзельнікаў і правядзення спартыўных спаборніцтваў, якія адбудуцца 6-18 кастрычніка 2018 года.
Спаборніцтвы Юнацкіх Гульняў будуць арганізаваны ў чатырох раёнах сталіцы Аргенціны. Найбольшую цікавасць у прадстаўніка НАК Беларусі Васіля Юрчыка выклікаў кластар, размешчаны ў паўднёвай частцы горада - Юнацкі алімпійскі парк, дзе пройдуць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, барацьбе, сучасным пяцібор'і, дзюдо, гімнастыцы, плаванні, хакеі на траве. У паўночнай частцы Буэнас-Айрэса размешчаны яшчэ тры раёны для спаборніцтваў: настольны тэніс, стральба (Тэхнаполіс парк); веславанне, баскетбол (Урбан парк) і тэніс (Грын парк).
Арганізатары абяцаюць здзівіць гасцей і ўсіх аматараў спорту на адкрыцці Юнацкіх Алімпійскіх гульняў, якое ўпершыню адбудзецца не на стадыёне, а на адной з галоўных плошчаў Буэнас-Айрэса 6 кастрычніка 2018 года ў 20.00. Закрыццё спартыўнага форуму пройдзе 18 кастрычніка 2018 года на стадыёне каля Алімпійскай вёскі.
Летнія юнацкія Алімпійскія гульні для атлетаў 15-18 гадоў пройдуць па 32 відах спорту, у іх прымуць удзел 3998 спартсменаў (1999 юнакоў і 1999 дзяўчат). Гэта будуць першыя Гульні, дзе арганізатарамі захавана гендарная роўнасць. Усяго юным атлетам давядзецца разыграць 241 камплект медалёў на працягу 12 дзён. Раней Летнія юнацкія Алімпійскія гульні праходзілі ў Сінгапуры і кітайскім Нанкіне.