20 мая, Мінск /Аляксандр Новікаў - БЕЛТА/. Таццяна Мацко заваявала залаты медаль чэмпіянату Еўропы па самба, які завяршыўся ў іспанскім Хіхоне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У катэгорыі да 64 кг у фінале беларуска ўпэўнена адолела расіянку Валерыю Анісімаву. Годам раней на кантынентальным форуме ў Грэцыі Таццяна Мацко таксама сустракалася з гэтай саперніцай і дабілася перамогі. За кар'еру спартсменка з Гродна выйграла тры апошнія чэмпіянаты свету і чатыры разы заваёўвала золата кантынентальных форумаў. Яна таксама з'яўляецца чэмпіёнкай I Еўрапейскіх гульняў у Баку.
"Нягледзячы на вялікі лік у фінальным паядынку, магу сказаць, што схватка была ўпартая, паколькі ніхто не хоча прайграваць, тым больш у вырашальным паядынку. Перамагчы на турніры дапамаглі індывідуальныя якасці і, магчыма, вопыт. Наперадзе Еўрапейскія гульні, на якіх настроена выступіць не менш паспяхова", - адзначыла Таццяна Мацко.
У жаночай зборнай Беларусі сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату сталі Кацярына Пракапенка (60 кг), Вольга Намазава (68 кг), бронзавымі - Марына Жарская (52 кг), Карына Шут (72 кг), Марыя Кандрацьева (звыш 80 кг).
У спаборніцтвах сярод мужчын сярэбраны медаль заваяваў беларус Сцяпан Папоў (74 кг). Ён упэўнена дайшоў да фіналу, у якім уступіў расійскаму атлету Максіму Юдзіну. На трэцюю прыступку п'едэстала гонару ў Хіхоне ўзнімаліся беларускія самбісты Уладзіслаў Саяпін (68 кг), Аляксандр Круглік (82 кг), Сяргей Лясяк (да 100 кг).
У раздзеле баявога самба сярэбранымі прызёрамі спаборніцтваў сталі Васіль Астапец (68 кг) і Яўген Алексіевіч (82 кг).
У агульнакамандным заліку з адной залатой, пяццю сярэбранымі і шасцю бронзавымі ўзнагародамі зборная Беларусі па самба заняла чацвёртае месца. Першае - у расійскай каманды, у актыве якой 22 медалі, 16 з якіх залатыя.
Наступным буйным стартам у самбістаў стануць II Еўрапейскія гульні. Турнір па гэтым відзе адзінаборстваў пройдзе з 22 па 23 чэрвеня ў мінскім Палацы спорту. 144 атлеты разыграюць 18 камплектаў узнагарод.
Білеты на маючы адбыцца спартыўны форум у Мінску можна набыць на сайце minsk2019.ticketpro.by, у сетцы партнёрскіх кас білетнага аператара на тэрыторыі Беларусі і больш як у 300 пунктах продажаў ва ўсіх абласных гарадах і буйных раённых цэнтраў.
Акрамя таго, білеты можна набыць і па безнаяўным разліку. Для гэтага трэба аформіць заяўку на фірменным бланку, якая змяшчае рэквізіты, кантактны нумар тэлефона і e-mail для зваротнай сувязі, і адправіць ее па факсе 8-017-392-67-70 або на e-mail: minsk2019@ticketpro.by.
На кожнай спартыўнай арэне маючага адбыцца спартыўнага форуму будуць абсталяваны касы.