1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларуска Любоў Чаркашына выбрана старшынёй камісіі спартсменаў Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі гімнастыкі.Вядомая спартсменка, бронзавы прызёр па мастацкай гімнастыцы Алімпіяды ў Лондане, змяніла на гэтай пасадзе фінскага атлета Яні Тансканена, які раней кіраваў камісіяй спартсменаў у FIG на працягу сямі гадоў.
"Ранейшы старшыня камісіі паказаў, як трэба абараняць інтарэсы гімнастаў на самым высокім узроўні. Хацела б таксама падзякаваць членам камісіі за выбранне мяне і за падтрымку. Я буду выкарыстоўваць усе свае паўнамоцтвы для пашырэння гімнастыкі, гэтага цудоўнага віду спорту, ва ўсім свеце", - адзначыла Любоў Чаркашына.
Чэмпіён свету па спартыўнай гімнастыцы Яні Тансканен, выбраны членам тэхнічнага камітэта FIG, прыняў рашэнне пайсці ў адстаўку ў сувязі з немагчымасцю сумяшчэння гэтых пасад. Любоў Чаркашына будзе выконваць абавязкі старшыні да наступных выбараў у камісію спартсменаў, якія могуць прайсці ў снежні бягучага або ў студзені 2018 года.
Як паведамлялася, у кастрычніку 2016 года на 81-м кангрэсе FIG віцэ-прэзідэнтам гэтай арганізацыі выбрана прадстаўніца Беларусі, алімпійская чэмпіёнка Нэлі Кім. Намеснікам старшыні тэхнічнага камітэта па скачках на батуце стаў
Дзмітрый Паляруш, а ў выканкам Еўрапейскага гімнастычнага саюза (UEG) увайшоў генеральны сакратар Беларускай федэрацыі гімнастыкі Андрэй Фёдараў.