13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская лыжніца Кацярына Рудакова стала пераможцай трэцяга Югорскага лыжнага марафону, які прайшоў у Ханты-Мансійску. У спаборніцтвах у мужчын беларус Аляксей Іваноў стаў сярэбраным прызёрам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Удзел у спаборніцтвах прынялі больш як 2 тыс. чалавек - прафесійныя спартсмены, выхаванцы спартыўных школ, ветэраны, радавыя аматары спорту. З-за ўмоў надвор'я арганізатары вырашылі скараціць трасу да 30 км.
Кацярына Рудакова лепш за астатніх справілася з ходам па лыжні, паказаўшы рэзультат 1 гадз 19 мін 46 сек. Францужанка Арэлі Дабудзюк, якая заняла другое месца, адстала менш як на мінуту, а бронзавым прызёрам стала Антанела Канфартола з Італіі.
Швейцарац Тоні Ліверс выйграў забег на 30 км у мужчын - 1 гадз 13 мін 39 сек. Усяго чатыры дзясятыя секунды прайграў пераможцу беларус Аляксей Іваноў, які ўступіў саперніку ў фінішным створы. Трэцім завяршыў гонку ў Ханты-Мансійску расіянін Яўген Бялоў.
Беларускія лыжнікі Кацярына Рудакова і Аляксей Іваноў станавіліся пераможцамі Югорскага лыжнага марафону ў 2014 годзе.