24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля перамогі ў паўфінале над швейцарскімі тэнісісткамі зборная Беларусі ўзнялася на другое месца ў камандным рэйтынгу Кубка Федэрацыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Перад сустрэчай са зборнай Швейцарыі беларуская дружына займала 5-е месца, а цяпер пасля перамогі ў Мінску з рэзультатам 3-2 і першага ў гісторыі выхаду ў фінал заняла другую пазіцыю. Наперадзе толькі зборная Чэхіі, якая выйгравала Кубак Федэрацыі тры апошнія сезоны запар. Аднак чацвёрты раз запар чэшскім тэнісісткам не ўдасца перамагчы - яны прайгралі гасцявы паўфінал камандзе ЗША (2-3) і склалі чэмпіёнскія паўнамоцтвы. Амерыканкі цяпер займаюць 3-е месца ў камандным рэйтынгу.
Вырашальны матч гэтага турніру адбудзецца ў Мінску 11-12 лістапада. У мінулыя гады каманды Беларусі і ЗША толькі аднойчы сустракаліся ў розыгрышы Кубка Федэрацыі. У 2012 годзе амерыканкі перамаглі на сваёй пляцоўцы з "сухім" лікам 5:0.
Зборная ЗША з'яўляецца самай тытулаванай камандай - яна 17 разоў станавілася ўладальніцай Кубка Федэрацыі, апошні раз у 2000 годзе. Для беларускіх тэнісістак гэта будзе першы ў гісторыі фінал неафіцыйнага каманднага чэмпіянату планеты.