21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларускі цяжкаатлет Яўген Ціханцоў заваяваў сярэбраны медаль юніёрскага чэмпіянату свету, які праходзіць у Токіа, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.У вагавой катэгорыі да 94 кг выхаванец
СДЮШАР "Гомсельмаш", а цяпер студэнт Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта ўпэўнена выканаў усе шэсць спроб. У рыўку у трэцім падыходзе ён справіўся з вагой штангі 171 кг. Упэўнена выступіў Яўген Ціханцоў і ў другім практыкаванні - штуршку. Пачаўшы выступленне з вагі 193 кг, ён паспяхова выканаў і наступныя спробы на 201 кг і 207 кг. У выніку ў суме дваябор'я беларус паказаў рэзультат 378 кг (171 кг + 207 кг). Апярэдзіў Яўгена Ціханцова толькі прадстаўнік Узбекістана Фархадбек Сабіраў - 390 кг (180 кг + 210 кг). Бронзавым прызёрам юніёрскага чэмпіянату свету стаў Рахман Оўрамех з Ірана - 364 кг (159 кг + 205 кг).Для зборнай Беларусі сярэбраны медаль Яўгена Ціханцова на сусветным форуме ў Токіа ўжо другі. Раней у катэгорыі да 53 кг на трэцюю прыступку п'едэстала гонару ўзнялася Людміла Панкова.