3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выйграў турнір у французскім Сен-Брыё (прызавы фонд - 43 тыс. еўра), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У вырашальным паядынку беларус, які займаў 404-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграў нямецкага тэнісіста Тобіяса Камке (155-ы нумар рэйтынгу АТР) на двух тай-брэйках - 7:6 (7:3), 7:6 (7:5). Пасля гэтай перамогі Ягор Герасімаў узняўся адразу на 141 месца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў і займае цяпер 263-ю пазіцыю.
На турніры катэгорыі "Прэм'ер" у амерыканскім Маямі (прызавы фонд - $7 млн) перамог швейцарац Роджэр Федэрэр, які абыграў у фінале іспанца Рафаэля Надаля ў двух сэтах - 6:3, 6:4. Дзякуючы гэтаму поспеху, Федэрэр узняўся на 4-е месца ў сусветным рэйтынгу, Надаль цяпер займае пятае месца. Першая тройка рэйтынгу АТР не змянілася: наперадзе брытанец Эндзі Марэй, другая пазіцыя ў серба Новака Джокавіча, трэцім ідзе швейцарскі тэнісіст Станіслас Ваўрынка.