1 сакавіка, Краснаярск /Аляксандр Жыбуль - БЕЛТА/. Сёння ў Вёсцы атлетаў XXIX зімовай Універсіяды ў Краснаярску ўрачыста падняты беларускі сцяг, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускай спартыўнай дэлегацыі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі адзначыў важнасць гэтага мерапрыемства. "Усе беларускія спартсмены атрымалі допускі да спаборніцтваў. Сёння прайшла цырымонія прывітання Беларусі сярод удзельнікаў Універсіяды: прагучаў студэнцкі гімн, падняты беларускі сцяг. Сёння пройдуць першыя афіцыйныя трэніроўкі нашых спартсменаў", - сказаў ён.
Беларусь на маючых адбыцца стартах у Краснаярску прадставяць атлеты ў біятлоне, лыжных гонках, спартыўным арыентаванні на лыжах і фрыстайле.
Цырымонія адкрыцця зімовай Універсіяды пройдзе 2 сакавіка ў шматфункцыянальным комплексе "Плацінум Арэна".
На сусветных студэнцкіх спаборніцтвах, якія пройдуць 2-12 сакавіка, будзе разыграна 76 камплектаў узнагарод у 11 відах спорту: біятлоне, гарналыжном спорце, кёрлінгу, лыжных гонках, снаўбордзе, спартыўным арыентаванні на лыжах, фігурным катанні, фрыстайле, хакеі, хакеі з мячом і шорт-трэку. Удзел у спаборніцтвах прымуць каля 3 тыс. атлетаў больш як з 50 краін свету.