26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ХI Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні" пройдзе ў Мінску 11-14 мая, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.
Беларускі міжнародны медыяфорум традыцыйна выступае пляцоўкай для абмену думкамі і выпрацоўкі новых ідэй, прадастаўляе магчымасць кансалідацыі намаганняў міжнароднай прэс-супольнасці, экспертаў розных галін ведаў у паглыбленні партнёрства, удасканаленні міждзяржаўных інтэграцыйных працэсаў, стварэнні агульнай гуманітарнай прасторы СНД.
Сёлетні форум праводзіцца ў кантэксце знакавай для постсавецкай прасторы юбілейнай даты - 25-годдзя СНД, асаблівай міратворчай ролі Беларусі ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі. Таксама ў гэтым годзе адзначаецца 20-годдзе саюзнага будаўніцтва.
Асноўныя мерапрыемствы медыяфоруму - пленарнае пасяджэнне з тэматычнымі панэльнымі дыскусіямі (13 мая, Нацыянальны алімпійскі камітэт), летняя школа журналістыкі з правядзеннем майстар-класаў вядучых замежных і беларускіх журналістаў (12 мая, Інстытут журналістыкі БДУ), праект "Культурная спадчына Беларусі. Году культуры прысвячаецца". Госці прымуць удзел у мерапрыемствах ХХ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі", якая пройдзе 11-14 мая.
Да ўдзелу ў медыяфоруме запрошаны кіраўнікі СМІ, вядомыя палітолагі, эксперты краін СНД, блізкага і далёкага замежжа. У Мінск прыедуць прадстаўнікі 21 краіны свету, агульная колькасць удзельнікаў медыяфоруму - больш як 300 чалавек.
З праграмай медыяфоруму можна азнаёміцца на сайце міністэрства.
Арганізатарамі выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарадскога, Мінскага і Гродзенскага абласных выканаўчых камітэтаў.