29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мультфільм "Незвычайны дзіцячы сад" адабраны для ўдзелу ў конкурснай праграме ХХІІ Міжнароднага кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў, які праходзіць гэтымі днямі ў Хемніцы (Германія), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Юлія Бальшакова.
Беларуская стужка выступае ў намінацыі кароткаметражных мультфільмаў у катэгорыі 4+. Анімацыйны фільм "Незвычайны дзіцячы сад" ("Беларусьфільм", рэжысёры-пастаноўшчыкі Марына Лук'янава і Руслан Сінкевіч, мастак-пастаноўшчык Руслан Сінкевіч) складаецца з чатырох гісторый: "Худая Маша", "Як Кавардак у дзіцячым садзе пасяліўся", "Што здарылася з Борам" і "Непаслухмяныя засцежкі", героі якіх - персанажы вершаў дзіцячага пісьменніка Андрэя Смятаніна.
Гісторыя "Худая Маша" аб тым, як у незвычайным дзіцячым садзе мышка Маша адмаўляецца ад ежы і гэта прыводзіць да таго, што аднойчы Машу зносіць ветрам.
У другой гісторыі на пыльным паддашку жыў Кавардак - істота, якая любіць усюды наводзіць беспарадак. Жыў ціха, мірна, распіваў гарбату са сваім сябрам Павучком. Але аднойчы дом знеслі, і сябрам давялося тэрмінова шукаць новае месца жыхарства. Паспрабаваўшы шэраг мясцін, яны трапілі ў дзіцячы сад.
"Што здарылася з Борам" расказвае, як Бора да ніткі прамокнуў. Усе вакол не могуць зразумець, як гэта магло здарыцца. Уяўляюць, што Бора здзейсніў нейкі подзвіг. Бора маўчыць і баіцца расказаць, што ж здарылася на самай справе.
Чацвёртая гісторыя аб тым, як у Сярожы не атрымліваецца справіцца з хітрымі засцежкамі і навучыцца самастойна зашпільваць адзенне. Ён думае, што ў гэтым ёсць нейкі сакрэт. А сакрэт просты - цярпенне і ўседлівасць.
Усяго ў конкурсе ў гэтым годзе ўдзельнічаюць 126 мастацкіх і анімацыйных кароткаметражных і поўнаметражных фільмаў з 51 краіны свету.