2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі мультфільм "Марк Шагал. Пачатак" рэжысёра Алены Пяткевіч удастоены дыплома XXVI Міжнароднага кінафоруму "Залаты Віцязь", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".
У 13-мінутным фільме адлюстраваны галоўныя падзеі, якія адбываліся з Маркам Шагалам, яго сям'ёй да ад'езду ў Санкт-Пецярбург, раскрыты вытокі творчай, паэтычнай натуры мастака, чулы погляд яго душы, які адлюстраваны яркімі, дзіцячымі фарбамі на яго палотнах.
Сцэнарый напісаў Дзмітрый Якутовіч. Мастаком-пастаноўшчыкам стала Ала Мацюшэўская. Над трынаццацімінутным фільмам таксама працавалі мастакі Інга Карашкевіч і Таццяна Удавічэнка. Мастакі стараліся папасці ў стыль Марка Шагала, перадаць яго колеравую гаму так, каб персанажы, прадметы інтэр'ера, асновы для фонаў мультфільма перадавалі атмасферу яго твораў.
XXVI Міжнародны кінафорум "Залаты Віцязь" праходзіў у Севастопалі з 22 па 31 мая.