21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Ангеліна Пісчыкава ўдастоена другой прэміі міжнароднага фестывалю рэкламы "Канскія львы" ў катэгорыі "Дызайн" за ўпакоўку лямпачак CS Light Bulbs для вытворцы асвятляльнага абсталявання Crazy Service, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Раней беларускія медыя-праекты на прэстыжным фестывалі рэкламы былі ўдастоены ўзнагароды ў 2005 годзе. У катэгорыі "Медыя" агенцтва "Крынь"/Starcom атрымала залатога "Канскага льва" за рэкламную кампанію расійскага вытворцы піва.
"Канскія львы" лічацца найбольш аўтарытэтным міжнародным фестывалем вытворцаў рэкламы. Фестываль праходзіць штогод. Работы ўзнагароджваюцца бронзавымі, сярэбранымі, залатымі "Канскімі львамі" і Гран-пры ў шэрагу катэгорый.