31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дуэт скакуноў у ваду Вадзім Каптур і Арцём Бароўскі заваяваў бронзавую ўзнагароду на этапе Гран-пры ў Куала-Лумпуры (Малайзія), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Нашы спартсмены падняліся на трэцюю прыступку п'едэстала ў сінхронных скачках у ваду з дзесяціметровай вышкі, набраўшы ў суме 353,43 бала. Перамогу атрымаў дуэт атлетаў з Рэспублікі Карэя - 432,60, сярэбраная ўзнагарода дасталася малайзійскім спартсменам - 364,26 бала.
Беларуская скакуха з трохметровага трампліна Алена Хамулькіна заняла пятае месца.
Адзін з лідараў нашай зборнай Вадзім Каптур у скачках з дзесяціметровай вышкі паказаў сёмы рэзультат.
Наступны этап Гран-пры па скачках у ваду пройдзе 2-5 лістапада ў Сінгапуры.