22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі велагоншчык Васіль Кірыенка прыме ўдзел у "Тур дэ Франс-2017". Брытанская каманда Sky, за якую выступае спартсмен, апублікавала склад на маючую адбыцца галоўную гонку сезона, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля выступлення ў маі на "Джыро д'Італія", дзе Васіль Кірыенка ў дзвюх гонках з раздзельным стартам паказаў высокі вынік (фінішаваў пятым і чацвёртым), планавалася, што ён прапусціць другую запар супершматдзёнку. Аднак каманда ўключыла яго ў склад. На "Тур дэ Франс" Sky ставіць перад сабой задачу перамагчы ў камандным заліку, і высокія вынікі ў гонках з раздзельным стартам беларускага велагоншчыка брытанцам будуць неабходны. Барацьбу за першае месца ў агульным заліку будзе весці лідар Sky трохразовы пераможца "Вялікай пятлі" Крыс Фрум. У каманду таксама ўвайшлі калумбіец Серхіа Энаа, немец Крысціян Кнес, Міхал Квяткоўскі з Польшчы, іспанцы Мікель Ланда і Мікель Ніеве, а таксама брытанцы Люк Роу і Герант Томас.
Як паведамлялася, адзін з самых важных стартаў у сезоне прапусціць з-за траўмы беларус Канстанцін Сіўцоў, які выступае за Bahrain-Merida.
Велашматдзёнка "Тур дэ Франс" стартуе 1 ліпеня ў нямецкім Дзюсельдорфе і пройдзе па тэрыторыі Германіі, Бельгіі, Люксембурга і Францыі. Завершыцца гонка 23 ліпеня ў Парыжы.