6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь узначаліць Савет па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД з 2017 года. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні XXXI Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД, якое адбылося 5-6 кастрычніка ў Астане, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.
"На працягу трох гадоў, пачынаючы з 2017 года, Рэспубліка Беларусь будзе старшынстваваць у Савеце па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД. У бягучым годзе старшынствуе Арменія", - адзначылі ў міністэрстве.
На пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва краін СНД у галіне культуры, а таксама дзейнасць дзяржаўнай установы "Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" у якасці базавай арганізацыі краін СНД па напрамку "Музейная справа".
Акрамя таго, быў узнагароджаны граматай Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД дырэктар дзяржаўнай установы "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" Алег Рыжкоў.
Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў выступіў на пасяджэнні з дакладам. У рабоце Савета па культурным супрацоўніцтве ўдзельнічалі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Беларусі, Кыргызстана, Малдовы, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана, Туркменістана, Міжнароднага Дэльфійскага камітэта, Выканаўчага камітэта СНД.