9 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прадстаўнік Беларусі Вячаслаў Казлоўскі стаў лепшым выканаўцам твораў на рускай мове на міжнародным конкурсе маладых оперных спевакоў, які адбыўся ў Бухарэсце. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Румыніі.
Вячаслаў Казлоўскі (барытон) з'яўляецца салістам Акадэміі маладых оперных спевакоў пры Марыінскім тэатры (Санкт-Пецярбург). Па выніках конкурсу ён атрымаў прыз "Лепшы выканаўца твораў на рускай мове". Узнагароду яму ўручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Румыніі Андрэй Грынкевіч, які па запрашэнні арганізатараў прыняў удзел у афіцыйнай цырымоніі закрыцця і ўзнагароджанні ўдзельнікаў.
Асноўная мэта конкурсу - падтрымка маладых талентаў опернага мастацтва. Арганізатарамі выступаюць Нацыянальны ўніверсітэт музыкі (г. Бухарэст) і заснавальнікі міжнароднага конкурсу оперных спевакоў International Grand Prix of Romania.
У час гутарак з арганізатарамі мерапрыемства, членамі журы і ўдзельнікамі Андрэй Грынкевіч расказаў аб развіцці опернага і тэатральнага мастацтва ў Беларусі, абмеркаваў магчымасці развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Румыніі. Кіраўнік беларускай дыпмісіі таксама правёў сустрэчу з Джонам Элісанам, музычным крытыкам, рэдактарам газеты The Daily Telegraph, і абмеркаваў пытанні магчымай падтрымкі беларускіх майстроў опернага мастацтва.