19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Мар'яна Шчоткіна 24-25 верасня прыме ўдзел у саміце па ўстойлівым развіцці, які арганізаваны Сусветным эканамічным форумам (СЭФ) у Нью-Ёрку. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Беларусь запрошана на саміт упершыню. "Мар'яна Шчоткіна прадставіць беларускі вопыт па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, а таксама выступіць з дакладамі па пытаннях гендарнай роўнасці і процідзеяння гандлю людзьмі ў кантэксце работы па МУР", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Удзел у саміце дасць магчымасць не толькі прадставіць падыходы Беларусі да выбудоўвання работы па дасягненні МУР, але і абмеркаваць практычныя пытанні развіцця ўзаемадзеяння з Сусветным эканамічным форумам, адзначылі ў Савеце Рэспублікі. На палях саміту запланаваны двухбаковыя сустрэчы нацыянальнага каардынатара Беларусі па МУР з кіраўнікамі дэлегацый замежных краін і міжнародных арганізацый.
Саміт СЭФ у Нью-Ёрку прымеркаваны да адкрыцця 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Адна з ключавых тэм - узмацненне рэгіянальнага супрацоўніцтва і стварэнне сеткі партнёрскіх сувязей па пытаннях устойлівага развіцця. Гэта тэма сугучна з беларускай ініцыятывай па фарміраванні партнёрскай сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР, агучанай на мінскім форуме па ўстойлівым развіцці ў лютым 2018 года. На саміт для абмеркавання пытанняў па дасягненні МУР і Парыжскага пагаднення збяруцца больш за 700 прадстаўнікоў арганізацый, урадаў, грамадзянскай супольнасці і акадэмічных колаў з 70 краін.