11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь на 57-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва прадстаўлена арт-праектам "Стол". Афіцыйнае адкрыццё нацыянальнага павільёна адбылося сёння, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.
На біенале дэбютаваў куратарскі праект вядомага беларускага мастака Рамана Заслонава. Суаўтарамі выступілі прадзюсар Віктар Лабковіч і рэжысёр Сяргей Талыбаў. Арт-праект "Стол" - гэта 32-мінутнае відэа з больш як 20 міні-сцэн, якія бесперапынна змяняюць адна адну на фоне галоўнага і нязменнага аб'екта - роўнай паверхні стала. Такім чынам, стол становіцца не проста "сцэнай", на якой разгортваюцца драматычныя, камічныя і філасофскія сюжэты, але і галоўным сведкам і нават дзеючай асобай кожнага з іх. Гледачу прапануецца не проста назіраць за тым, што адбываецца, а літаральна апынуцца за адным сталом з героямі відэа-арта.
Як адзначылі ў Мінкультуры, тонкая ігра беларускіх акцёраў, мастакоў і нават простых людзей, ніяк не звязаных са светам мастацтва, надаюць праекту "Стол" яркую індывідуальнасць і філасофскае гучанне, дапоўненае шырокай гамай сэнсавых адценняў - ад тонкай самаіроніі да трагізму. Як сама канцэпцыя, так і яе рэалізацыя знаходзяцца ў поўнай адпаведнасці з тэмай 57-га Венецыянскага біенале - Viva arte viva. "Пасля завяршэння біенале ўбачыць праект Рамана Заслонава ў залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў змогуць і беларускія гледачы", - запэўнілі ў ведамстве.
Удзелу праекта "Стол" у Венецыянскім біенале папярэднічаў конкурс на стварэнне куратарскай канцэпцыі павільёна, на які было пададзена 18 заявак. Рашэннем журы для ўдзелу ў форуме была выбрана менавіта канцэпцыя Рамана Заслонава.
2017 год стане чацвярым вопытам удзелу прадстаўнікоў беларускага сучаснага мастацтва ў Венецыянскім біенале. Арганізатарам нацыянальнага павільёна выступае Міністэрства культуры, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і пасольства Беларусі ў Італіі. Спонсарскую дапамогу аказала рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства экспартна-імпартнага страхавання "Белэксімгарант".
57-е Венецыянскае біенале - адзін з найбольш вядомых сусветных мастацкіх форумаў, прысвечаных сучаснаму мастацтву, прадоўжыцца да 26 лістапада 2017 года.