1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства навукі і тэхналогій КНР аб'яўляюць аб прыёме заявак на конкурс беларуска-кітайскіх навукова-тэхнічных праектаў на 2016-2017 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.
Дакументы для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца ў адпаведнасці з палажэннем аб міжнародных навукова-тэхнічных праектах, што выконваюцца па міжнародных дагаворах. Заяўкі павінны змяшчаць бізнес-план, пісьмовыя абавязацельствы па практычным выкарыстанні вынікаў даследаванняў і па долевым удзеле ў фінансаванні, копію дагавора аб супрацоўніцтве з замежнай арганізацыяй-партнёрам. Запоўненыя формы неабходна накіраваць у ДКНТ да 29 лютага ў друкаваным (у трох экзэмплярах) і электронным (на CD-дыску) выглядзе.
Конкурс сумесных беларуска-кітайскіх навукова-тэхнічных праектаў праводзіцца ў адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі дзвюх краін аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.