10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская чыгунка да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўпрыгожыць вакзалы і правядзе акцыі, выпусціць тэматычныя паштоўкі і арганізуе для пасажыраў канцэрт Прэзідэнцкага аркестра, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.
На працягу 2020 года будуць арганізаваны тэматычныя праекты сацыяльнай накіраванасці, творчыя конкурсы, культурныя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы. Тэматычныя праграмы падрыхтуюць 9 мая і 3 ліпеня на чыгуначных вакзалах у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Гродне, Гомелі, Магілёве, Віцебску і Оршы.
Акрамя таго, да 9 мая святочна аформяць усе буйнейшыя чыгуначныя вакзалы краіны. У будынках з'явяцца тэматычныя інфармацыйныя плакаты, стэнды і расцяжкі. "Таксама з 1 па 9 мая і з 26 чэрвеня па 3 ліпеня на ўсіх вакзалах будуць гучаць віншаванні з Днём Перамогі і з Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А для пасажыраў вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі 6 мая прыемным сюрпрызам стане выступленне Прэзідэнцкага аркестра", - расказалі ў прэс-цэнтры.
З 1 па 10 мая на чыгуначных вакзалах пройдзе акцыя "Павіншуй родных разам з БЧ", прысвечаная 75-й гадавіне Перамогі. У гэтыя дні пры куплі білетаў у касах Беларускай чыгункі ў Мінску, Брэсце, Баранавічах, Гродне, Гомелі, Магілёве і Віцебску пасажырам будуць прапаноўваць арыгінальныя паштоўкі, ілюстраваныя работамі дзяцей чыгуначнікаў. Іх можна будзе падпісаць і адправіць адразу на вакзале.
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя подзвігу чыгуначнікаў, пройдуць 9 мая і 3 ліпеня на Дзіцячай чыгунцы імя К.С.Заслонава.
Да знакавай даты прымеркаваны дарожны фотаконкурс, а таксама правядзенне фестывалю народнай творчасці "Нам мір завешчана берагчы", тэматычныя выстаўкі і экспазіцыі ў музеях гісторыі Беларускай чыгункі.