22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Балет Вялікага тэатра Беларусі "Балеро" на музыку Марыса Равэля можна ўбачыць з сённяшняга дня анлайн. Яго трансляцыя ажыццяўляецца ў супольнасці #ЗОЛОТОЙФОНДБТ афіцыйнай старонкі Галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў БТРК "Белтэлерадыёфонд" у "УКантакце" і Facebook. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў тэатры.
Аднаактовы балет "Балеро" быў пастаўлены Валянцінам Елізар'евым у 1984 годзе. Дырыжор-пастаноўшчык - Яраслаў Вашчак, сцэнаграфія Эрнста Гейдэбрэхта.
Тэмай свайго спектакля балетмайстар вызначыў духоўнае супрацьстаянне жорсткасці і насіллю, нязломную мужнасць перад тварам надыходзячай катастрофы. Балет быў прысвечаны іспанскім антыфашыстам і змагарам з фашызмам ва ўсім свеце. "Дынамічныя позы, складаныя дуэтныя падтрымкі, імклівыя скачкі - увесь магутны пластычны малюнак адлюстроўвае пафас змагання, энергію барацьбы. У танцы артыстаў перададзены пяшчота і пакуты, унутраны пратэст і гатоўнасць загінуць, але не скарыцца", - адзначала пасля прэм'еры музычны крытык Таццяна Мушынская. У спектаклі ўсяго два салісты - Юнак і Дзяўчына. У іх вобразах харэограф увасобіў усю веліч і трагізм змагароў за свабоду. Незвычайна моцнае ўражанне пакідае сінтэз экспрэсіўнага танца і сцэнаграфіі, у якую ўвайшлі вобразы знакамітай "Гернікі" Пабла Пікаса.
Партыю Дзяўчыны ў розныя гады выконвалі Інеса Душкевіч, Натэла Дадзішкіліяні, Таццяна Шаметавец, Марына Вежнавец, Кацярына Борчанка, Ірына Яромкіна, Ганна Фокіна, Таццяна Уласень, Алена Шкатула, Ганна Гурыновіч. Партыю Юнака - Юрый Траян, Уладзімір Іваноў, Уладзімір Камкоў, Аляксандр Куркоў, Юрый Раўкуць, Руслан Мінін, Ігар Сядзько, Антон Краўчанка, Ягор Азаркевіч, Ігар Артамонаў, Юрый Кавалёў, Іван Савянкоў.
Запіс спектакля ажыццёўлены Беларускім тэлебачаннем у 1985 годзе. Выканаўцы: Таццяна Шаметавец (Дзяўчына), Уладзімір Іваноў (Юнак) і артысты балета.