18 снежня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Выстаўка рэплік шлемаў, даспехаў і баявых харугваў XI-XVII стагоддзяў адкрываецца сёння ў музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.
Прадметы ўзбраення дадуць яркае ўяўленне аб развіцці зброевай справы на беларускіх землях, адновяць выразнае аблічча воіна розных часоў. Наведвальнікі выстаўкі змогуць адчуць непаўторную атмасферу срэдневякоўя і ўбачыць рэплікі практычна ўсіх тыпаў шлемаў, якія выкарыстоўвалі нашы продкі і іх сапернікі. Усе экспанаты выстаўкі створаны майстрамі з мастацкай майстэрні "Стальная Спадчына" (Мінск).
Экспазіцыя часткова прысвечана 500-годдзю роду Радзівілаў. Самым яркім яе экспанатам з'яўляецца рэканструкцыя, як лічыцца, страчанага шлема са складу даспешнага гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага. Пышна ўпрыгожаны даспешны гарнітур, выраблены каля 1555 года знакамітым нюрнбергскім майстрам Кунцам Лохнерам, цяпер захоўваецца ў Венскім музеі ўзбраення. "Майстры па даспехах са "Стальной спадчыны" падбіралі тэхналогію вырабу і маркі сталі так, каб рэканструяваны шлем быў падобны да таго, які вырабіў майстар Кунц Лохнер 500 гадоў таму. Шлем упрыгожаны складаным узорам з выкарыстаннем белай, чырвонай, чорнай эмалі, а таксама пазалоты", - расказалі ў палацава-паркавым ансамблі.
Выстаўка прадоўжыцца да 28 лютага 2016 года.