29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адкрытым чэмпіянаце Беларусі па скачках на лыжах у ваду прымуць удзел амаль 50 атлетаў з дзевяці краін, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі фрыстайла.
Спаборніцтвы пройдуць 31 жніўня ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле пяты раз.
Як адзначылі ў федэрацыі, у спаборніцтвах прымуць удзел нацыянальная і юніёрская каманды Беларусі па фрыстайле. У іх складзе пераможцы Алімпійскіх гульняў Ала Цупер і Ганна Гуськова, чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская і бронзавы прызёр чэмпіянату свету Максім Гусцік.
Сярод замежных атлетаў у Мінску выступяць чэмпіёны свету са Швейцарыі Кэрал Бувард, Ноа Рот, Нікалас Гігакс, аўстралійка Лаўра Піл. Яе партнёрка па камандзе сярэбраны і бронзавы прызёр сусветных форумаў Даніэль Скот (Аўстралія), а таксама прафесійныя спартсмены з Германіі, Казахстана, Расіі, Чэхіі, Украіны. Упершыню ўдзельнікамі спаборніцтваў стануць фрыстайлісты з Бразіліі.
Кваліфікацыйныя скачкі пачнуцца ў 11.00. Уваход для гледачоў свабодны.
Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Беларуская федэрацыя фрыстайла, Беларускі лыжны саюз і Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле.