27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Антон Смольскі і Дзінара Алімбекава сталі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў "Летні кубак федэрацыі біятлона", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Спаборніцтвы прайшлі на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама". У турніры прынялі ўдзел члены нацыянальнай каманды Беларусі, а таксама прадстаўнікі абласцей і горада Мінска. Біятланісты спаборнічалі ў кросе на дыстанцыі 900 м, стральба па мішэнях на адлегласці 10 м вялася з пнеўматычнай вінтоўкі.
Спартсмены пераадолелі па два кругі і два агнявыя рубяжы, за кожны промах трэба было прайсці 20-метровую штрафную пятлю. І ў мужчын, і ў жанчын з двух паўфіналаў у вырашальны забег прабіліся па тры лепшыя ўдзельнікі, яшчэ два біятланісты дабіраліся ў фінал па часе.
У выніку пераможцам турніру сярод мужчын стаў сярэбраны прызёр Гульняў у Пекіне Антон Смольскі, следам за ім фінішаваў яшчэ адзін член нацыянальнай каманды Мікіта Лабастаў. Трэцяе месца заняў прадстаўнік Віцебскай вобласці Іван Бадрыцкі.
У жаночым забегу перамогу атрымала лідар зборнай Беларусі Дзінара Алімбекава, якая абышлася без адзінага промаху. На другой пазіцыі размясцілася Юлія Кавалеўская, якая прадстаўляе Віцебскі рэгіён, бронза - у Вікторыі Хадасевіч з Мінскай вобласці.