8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 150 чалавек увойдуць у беларускую дэлегацыю на XXXI летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія), паведаміў сёння журналістам шэф місіі беларускай каманды на маючых адбыцца гульнях - першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Гагіеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадзяёмся, што як і на папярэдніх гульнях, будуць заваяваны медалі ў такіх відах, як веславанне на байдарках і каноэ, цяжкая атлетыка, батут у нас прыбаўляе. Зразумела, гэта і мастацкая гімнастыка. На гэтыя віды ў нас уся надзея на Алімпіядзе", - сказаў першы намеснік міністра.
"На сённяшні дзень у нас мінус шэсць ліцэнзій, калі не ўлічваць футбол. Недзе ў тым жа рэжыме мы ідзём, як і да Алімпіяды-2012", - дадаў Аляксандр Гагіеў.
Ён таксама адзначыў, усе члены дэлегацыі будуць прышчэплены ад адпаведных хвароб перад паездкай у Бразілію. "Напрыклад, робім прышчэпкі ад жоўтай ліхаманкі", - сказаў ён.
XXXI летнія Алімпійскія гульні пройдуць з 5 па 21 жніўня ў Бразіліі. Асноўнай пляцоўкай будзе Рыа-дэ-Жанэйра. Спаборніцтвы таксама адбудуцца ў Сан-Паўлу, Бразіліа, Белу-Арызонці і Сальвадоры. Будзе разыгрывацца больш як 300 камплектаў медалёў. Удзельнічаць у Гульнях, як чакаецца, будуць звыш 200 краін.