27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Аліна Талай заняла 2-е месца на дыстанцыі 100 м з бар'ерамі на прадстаўнічым турніры з серыі Сусветнага выкліку (IAAF World Challenge Meetings), этап якога прайшоў у чэшскім горадзе Острава 26 мая. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі (БФЛА).
Аліна Талай фінішавала ў фінальным забегу з рэзультатам 12,78 сек. Перамогу атрымала прадстаўніца ЗША Шэрыка Нэлвіс, яе час - 12,55 сек. Амерыканцы ўдалося пабіць рэкорд турніру на адной з найбольш прэстыжных дыстанцый. Разам з Нэлвіс і Талай на п'едэстал гонару ўзышла брытанка Тыфані Портэр (12,90 сек).
Аліна Талай некалькі дзён таму ўстанавіла асабісты рэкорд на стаметроўцы з бар'ерамі, выступаючы на іншым турніры з серыі Сусветнага выкліку ў галандскім Хенгела (12,70 сек). Наступным стартам для беларускай спартсменкі стане 4-ы этап Брыльянтавай лігі, які пройдзе ў Рыме 4 чэрвеня.
Турнір у Чэхіі (54th Ostrava Golden Spike) традыцыйна наведалі мноства знакамітых лёгкаатлетаў. Ямайскі бягун Усейн Болт выйграў спаборніцтвы на дыстанцыі 200 м з лепшым часам у сезоне - 20,13 сек, што сведчыць аб паступовым вяртанні яго былых кандыцый. Яшчэ адзін "зорны" прадстаўнік Ямайкі Асафа Паўэл упэўнена перамог на сваёй кароннай дыстанцыі 100 м, паказаўшы рэзультат 10,04 сек.