22 мая, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Гродне 7-9 чэрвеня пройдуць заключныя мерапрыемствы рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.
Унікальнае свята на працягу двух першых дзён разгорнецца на вуліцах і плошчах у гістарычным цэнтры Гродна і завершыцца 9 чэрвеня яркім летнім акордам на Аўгустоўскім канале. "Яго галоўнай тэмай стане сям'я і яе каштоўнасці як у літаральным сэнсе слова, так і ў шырокім разуменні - як сям'я народаў, якія дружна і мірна жывуць у Беларусі, - расказала галоўны рэжысёр фестывалю Вольга Багдановіч. - На заключных мерапрыемствах у Гродне збяруцца прадстаўнікі 35 нацыянальнасцей. У фестывальную сям'ю ўвальюцца новыя ўдзельнікі з Аргенціны, Манголіі, Бураціі, Камеруна, Егіпта. Высаджаныя імі дрэвы папоўняць Алею дружбы ў Каложскім парку. Акрамя таго, свае экзатычныя саджанцы дабавяць нігерыйцы і пакістанцы: яны ўдзельнічаюць у свяце пасля вялікага перапынку і дрэў іх краін на алеі пакуль няма, але ў гэтым годзе яны абавязкова з'явяцца".
7 чэрвеня фестываль традыцыйна адкрые маляўнічае шэсце ўдзельнікаў у нацыянальных уборах, якія з музыкай і танцамі пройдуць па гістарычным цэнтры горада да Савецкай плошчы, дзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё інтэрнацыянальнага форуму. Галоўная сцэна будзе працаваць практычна нон-стоп, на ёй пакажуць лепшыя песні, танцы, музычныя нумары, адабраныя фестывальным журы.
"У год 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў чырвонай ніццю ва ўсёй праграме фестывалю будзе праходзіць тэма барацьбы савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамогі, - дадала Вольга Багдановіч. - На вуліцы Кірава ўрачыста адкрыецца мемарыяльная дошка ў памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа і загінулых на тэрыторыі гродзенскай турмы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адбудзецца прэзентацыя кнігі "80 мірных гадоў", дзе ёсць старонкі, прысвечаныя фестывалю нацыянальных культур. Абмеркаваць гэту важнейшую тэму можна будзе на дыялогавай пляцоўцы "Адзінства народаў - залог Вялікай Перамогі. Беларусь - Наш агульны дом", дзе збярэцца моладзь розных нацыянальнасцей і людзі старэйшага пакалення".
Галоўнай падзеяй другога фестывальнага дня будуць паказы на нацыянальных падворках, іх на гэты раз 19. Па традыцыі невялікія дэлегацыі збяруцца на адным агульным падворку - "Шматгалоссе". Вялікі беларускі падворак разгорнецца на плошчы Леніна. Гасцей чакае эфектнае адкрыццё з прадстаўленнем нацыянальнай стравы. А самай смачнай падзеяй на падворку стане фестываль "Галоўны па мясе", які арганізуе Гродзенскі мясакамбінат. Вядома ж, не абыдзецца без любімых беларускіх песень і танцаў, прадстаўлення традыцый беларускай сям'і. Гасцінны падворак запрасіў да сябе і беларусаў замежжа, чакаюцца госці з расійскіх Калінінграда, Томска, з Латвіі і Польшчы. Тут жа пакажуць сябе ўсе вобласці Беларусі.
З літаратурай розных народаў можна будзе азнаёміцца на "Бібліялетніку", які каля доміка Элізы Ажэшка арганізуе абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага, а з турыстычным патэнцыялам Беларусі - у двары Новага замка. Як заўсёды, фестывальныя дні будуць багатыя на выставы. Патрыятычную экспазіцыю, разлічаную на маладога гледача, рыхтуе Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Фоталетапіс брэндавага свята пакажа народны фотаклуб "Гродна" ў цэнтры "Фестывальны" і пад адкрытым небам. У выставачнай зале прадставяць выставу чорна-белых фота "Рыс і вобразы В'етнама".
9 чэрвеня фестываль прадоўжыцца на Аўгустоўскім канале. На пляцоўцы каля шлюза Дамброўка гасцей чакаюць фаер-шоу, флэш-моб у нацыянальных касцюмах, спаборніцтва лесарубаў, фестываль рыбнай лоўлі, шоу барабаншчыкаў, выступленне танцавальных калектываў і многае іншае. Будуць працаваць гастранамічная і дзіцячая пляцоўкі. На асаблівай пляцоўцы на беразе можна будзе азнаёміцца з гісторыяй Аўгустоўскага канала, які ў бгучым годзе адзначае 200-годдзе.