19 кастрычніка, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Лётчык-касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі наведаў сёння беларускую выстаўку на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Алег Навіцкі паразмаўляў з маладымі людзьмі, пакінуў запіс у кнізе пажаданняў для спартсменаў, якія будуць прадстаўляць Беларусь на Еўрагульнях 2019 года. Касманаўт ад усёй душы пажадаў ім паспяховага выступлення на спаборніцтвах.
У размове з карэспандэнтам БЕЛТА Алег Навіцкі, ураджэнец горада Чэрвень Мінскай вобласці прызнаўся, што не ўпускае магчымасці сустрэцца з землякамі.
Беларусь удзельнічае ў выстаўцы YOUTH EXPO, якая разгарнулася на адной з пляцовак СФМС. У экспазіцыі прадстаўлены дасягненні Беларусі ў розных сферах: ад прамысловасці да спорту і турызму. Тут прэзентаваны таксама перспектывы, якія прадастаўляе беларуская сістэма адукацыі, самыя яркія маладзёжныя рухі краіны - піянерскі, студатрадаўскі і валанцёрскі. Свае праекты прэзентавалі ўдзельнікі конкурсу "100 ідэй для Беларусі".
XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў прадоўжыцца па 22 кастрычніка, удзел у ім прымаюць амаль 24 тыс. чалавек са 180 краін. Фестываль прызначаны кансалідаваць моладзь, садзейнічаць развіццю міжнацыянальнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння.