19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя альбома "Напалеон Орда" пройдзе 20 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Альбом "Напалеон Орда" з'яўляецца вынікам супрацоўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і выдавецтва "Беларусь". "У выданні сабрана і прадстаўлена 190 гравюр з выявамі беларускіх архітэктурных помнікаў, палацаў і мястэчак XIX стагоддзя. Многія з іх публікуюцца ўпершыню", - адзначылі арганізатары.
У час мерапрыемства пройдуць: сустрэча з удзельнікамі выдавецкага праекта і экспертамі; выступленне аўтара ўступнага артыкула і складальніка выдання - намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандра Сушы; выстава-прагляд выданняў, прысвечаных Напалеону Ордзе як майстру архітэктурнага пейзажу. Дапоўняць выставу арыгінальныя лінагравюры мастака з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі.
Выдавецкая навінка адзначана дыпломам пераможцы і знакам-сімвалам "Малы залаты фаліянт" у намінацыі "За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны" Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі".
Напалеон Орда - мастак, кампазітар, піяніст, педагог і грамадскі дзеяч. Адзін з самых вядомых майстроў архітэктурнага пейзажу: сярод яго акварэлей і графічных работ больш за 200 паказваюць куткі Беларусі. Буйнейшая айчынная калекцыя літаграфій, якая захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, стала асновай для шэрага запатрабаваных выданняў, прысвечаных асобе мастака.