17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Традыцыйная рэспубліканская акцыя "Майстры мастацтваў - працаўнікам сяла" ў гэтым годзе пачнецца раней, чым звычайна, - у канцы чэрвеня, а не ў жніўні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
У акцыі прымаюць удзел заслужаныя калектывы і салісты Белдзяржфілармоніі: ансамбль народнай музыкі "Свята", фальклорная група "Купалінка", вакальны ансамбль "Камерата". "Артысты сёння як ніколі засумавалі па рэальных сустрэчах з аўдыторяй. А слухачы - па жывой музыцы. Таму рэспубліканскі праект Міністэрства культуры "Майстры мастацтваў - працаўнікам сяла" ў 2020 годзе пройдзе ў некалькі этапаў, пашырыць сваю геаграфію і пачнецца ў канцы чэрвеня, а не, як звычайна, у жніўні, - адзначылі ў Белдзяржфілармоніі. - Свае праграмы калектывы склалі з песень і танцаў блізкіх і дарагіх сельскаму жыхару".
Артысты Белдзяржфілармоніі пачалі ўжо рэпетыцыі. Канцэрты пачнуцца 20 чэрвеня і пройдуць у Нясвіжскім, Лідскім, Светлагорскім, Валожынскім, Бабруйскім, Ельскім, Дзяржынскім, Смалявіцкім, Ляхавіцкім і Мінскім раёнах. Будзе прадоўжана пастаянная традыцыя праекта - арганізацыя пляцовак для выступленняў пад адкрытым небам.