9 снежня, Ханой /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Адпачынак у В'етнаме можа стаць больш даступным і танным для турыстаў з Беларусі. Такое меркаванне выказаў сёння ў гутарцы з журналістамі міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Ханоі па выніках сённяшніх перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і В'етнама падпісаны план супрацоўніцтва ў сферы турызму на 2016-2018 гады. На думку міністра, у Беларусі і В'етнама ёсць перспектывы па развіцці гэтага напрамку супрацоўніцтва. "У нас ёсць нерэалізаваныя ініцыятывы, якія дапамогуць прыцягнуць як турыстаў з В'етнама ў Беларусь, так і зрабіць больш даступным і танным адпачынак у В'етнаме для беларусаў", - сказаў Аляксандр Шамко. Паводле яго слоў, у В'етнаме добрыя кліматычныя ўмовы. Акрамя таго, В'етнам за апошні час прыняў сур'ёзныя меры па развіцці інфраструктуры.
Міністр расказаў, што на сустрэчы з яго в'етнамскім калегам была абмеркавана магчымасць арганізацыі прамых авіярэйсаў паміж Беларуссю і В'етнамам, што магло б таксама садзейнічаць павелічэнню колькасці турыстаў паміж краінамі.
Бакі дамовіліся аб стварэнні рабочай групы паміж міністэрствамі, якая прапрацуе ў ліку іншых і візавыя пытанні. У прыватнасці, Беларусь можа пайсці на спрашчэнне візавага рэжыму для в'етнамскіх грамадзян, дазволіўшы групавыя бязвізавыя наведванні, як гэта арганізавана для турыстаў з Кітая. Дарэчы, з в'етнамскага боку для беларусаў таксама ўжо аблегчаны візавыя працэдуры.
Аляксандр Шамко таксама адзначыў, што дасягнуты дамоўленасці з в'етнамскім бокам па ўзаемадзеянні ў спартыўнай сферы. "Ёсць патрэбнасць в'етнамскага боку ў падрыхтоўцы студэнтаў, перападрыхтоўцы трэнерскага складу. Мяркую, таксама можна цесна папрацаваць у гэтым напрамку", - сказаў ён.