Работа выстаўкі навукова-тэхнічных дасягненняў "Беларусь інтэлектуальная" прадоўжана на тыдзень з-за вялікай цікавасці наведвальнікаў.
На выстаўцы навукова-тэхнічных дасягненняў "Беларусь інтэлектуальная" свае дасягненні і распрацоўкі дэманструюць вучоныя НАН Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі. У "БелЭкспа" прадстаўлена звыш 400 экспанатаў, сярод якіх натурныя ўзоры (у тым ліку буйнагабарытная тэхніка), макеты, мультымедыйныя прэзентацыі на вялікіх экранах.
Экспазіцыя арганізавана па кластарным прынцыпе, які прадугледжвае аб'яднанне і лагічную сувязь буйных тэматычных блокаў, развіваемых у Беларусі і найбольш актуальных цяпер. У ліку кластараў: штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты, лятальныя апараты; абараназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання; прастора маладзёжных ініцыятыў.
Прадстаўленне экспанатаў акцэнтавана на міждысцыплінарных і міжгаліновых узаемасувязях "навука - адукацыя - вытворчасць". Спецыяльны акцэнт зроблены на распрацоўках моладзі, у тым ліку прапанаваных у рамках праектаў "100 ідэй для Беларусі" і "100 інавацый маладых вучоных" пад агульным слоганам "Прастора маладзёжных ініцыятыў". Наведвальнікі могуць убачыць таксама экспазіцыю дасягненняў у галіне сацыягуманітарных навук – найноўшыя кніжныя выданні, археалагічныя артэфакты, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама распрацоўкі ў кантэксце Года гістарычнай памяці.
На думку арганізатараў выстаўкі, экспазіцыя задае агульную накіраванасць на бесперапыннае развіццё беларускай навукі, інтэнсіўнае ўзаемадзеянне навукі, адукацыі і вытворчасці, нарошчванне ўкаранення навуковых дасягненняў у рэальны сектар і сацыякультурную сферу, усё большы пазітыўны ўплыў на якасць жыцця і дабрабыт беларускага народа.